Версія для людзей са слабым зрокам
Карта сайта
бел
Меню
Галоўная / Дзяржаўныя праграмы / Ацэнка эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм у 2016 годзе / Дзяржаўная праграма развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016 - 2020 гады

Дзяржаўная праграма развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016 - 2020 гады

Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016 – 2020 гады накіравана на забеспячэнне канкурэнтных пераваг у сельскай гаспадарцы.

Рэалізацыю дзяржаўнай праграмы характарызуюць 14 паказчыкаў (тры зводныя мэтавыя і адзінаццаць мэтавых паказчыкаў), з якіх 6 дасягнулі запланаванага на 2016 год значэння.

Так, па выніках працы 2016 года забяспечана станоўчая дынаміка працы аграрнага сектара. У гаспадарках усіх катэгорый тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах склаў 103,4 % да аналагічнага перыяду 2015 года, у тым ліку ў раслінаводстве – 106,0 % (заданне – 103,7 %). Аб’ём вытворчасці рыбных рэсурсаў у водных аб’ектах рэспублікі ўзрос да 14 150 тон пры заданні 12 789 тон.

У выніку рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне племянной жывёлагадоўлі ў племянных гаспадарках павялічана колькасць пагалоўя кароў селекцыйных статкаў у малочнай жывёлагадоўлі (яна склала 116 % да ўзроўню 2015 года), павялічана колькасць чыстапародных свінаматак і ятнятніц (адпаведна 110 і 106 працэнтаў). У цэлым мэтавы паказчык па гэтым напрамку («Тэмп росту колькасці кароў малочных і спецыялізаваных мясных парод селекцыйных статкаў, чыстапародных свінаматак і ягнятніц у племянных гаспадарках») склаўся на ўзроўні 106,5 % пры заданні 105,0 %.

Выкананне мерапрыемстваў ў 2016 годзе спрыяла зніжэнню колькасці стратных сельскагаспадарчых арганізацый (на 1 студзеня 2017 г. – 321, ці 22,6 % ад агульнай колькасці такіх арганізацый; на 1 студзеня 2016 г. – 485, ці 34,2 %).

Выкананне супрацьпаводкавых мерапрыемстваў дазволіла абараніць ад падтаплення 4 населеныя пункты – два ў Брэсцкай вобласці (вёскі Радастава і Сварынь) і два ў Гомельскай вобласці (пас. Перамога і в. Сімонічы). У пастаянную эксплуатацыю ўведзены адна помпавая станцыя, 18,3 км ахоўных дамбаў, 77,6 км каналаў, 4,3 км дарог. Плошча аховы населеных пунктаў і сельскагаспадарчых земляў ад паводак у найбольш паводканебяспечных раёнах Палесся склала 2,7 тыс. га (заданне – 2,7 тыс. га).

У межах выканання падпраграмы «Стварэнне і развіццё вытворчасцей па перапрацоўцы мясцовых відаў сыравіны і другасных прадуктаў харчовай прамысловасці» праходзіла рэалізацыя 8 інвестыцыйных праектаў. Мэтавы паказчык па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэднеспісачнага работніка ў арганізацыях, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белдзяржхарчпрам», выкананы на 127,3 % і склаў 176,3 тыс.рублёў.

Разам з тым у 2016 годзе не выканана 8 паказчыкаў.

Значэнне зводнага мэтавага паказчыка «Вытворчасць працы ў сельскай гаспадарцы» пры запланаваным росце 107,9 % склала 106,6 %. Гэта тлумачыцца недасягненнем запланаванага ўзроўню вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры гэтым забяспечана аптымізацыя колькасці работнікаў арганізацый, занятых у раслінаводстве і ў жывёлагадоўлі, вышэй за 3 працэнты.

Невыкананне планавага значэння зводнага мэтавага паказчыка «Тэмп росту экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання» (97 % пры ўстаноўленым заданні 104,5 %) звязана са зніжэннем:

экспарту (у натуральным выражэнні да ўзроўню 2015 года) шэрагу таварных пазіцый з прычыны насычэння рынку Расійскай Федэрацыі, неабходнасцю забеспячэння попыту на ўнутраным рынку;

экспартных цэн у параўнанні з 2015 годам з прычыны неспрыяльнай кан’юнктуры на сусветным рынку.

Зводны мэтавай паказчык «Суадносіны крэдыторскай запазычанасці і запазычанасці па крэдытах і пазыках да выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у сельскай гаспадарцы» склаў 1,2 (заданне – 1,1). Асноўнай прычынай з’яўляецца недасягненне запланаванага Дзяржаўнай праграмай росту вытворчасці асобных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі (збожжа – 85,8 %, рапс –  67,7 %, вырошчванне буйной рагатай жывёлы – 99,3%) і, як следства, недаатрыманне запланаванага аб’ёму выручкі пры росце фінансавых абавязацельстваў. Пры гэтым за 2016 год у сельскагаспадарчых арганізацыях рэспублікі (без уліку мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці) атрымана 9 770 млн. рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг (107,5 % да 2015 года). Сума прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі склала 313,3 млн. рублёў, забяспечыўшы рост у 6 разоў у параўнанні з 2015 годам. Атрымана 341,5 млн. рублёў чыстага прыбытку (за 2015 год – страта на ўзроўні 86,7 млн.рублёў).

Мэтавы паказчык па тэмпу росту аб’ёмаў рэалізацыі навуковымі і элітвытворчымі арганізацыямі рэспублікі арыгінальнага і элітнага насення сучасных высокапрадукцыйных сартоў сельскагаспадарчых раслін склаў 93 працэнты (заданне 108 %). Навуковымі арганізацыямі было выраблена і падрыхтавана да рэалізацыі 1556 тон кандыцыйнага арыгінальнага і элітнага насення яравых збожжавых і зернебабовых культур, што складала 304 % ад неабходнага аб’ёму, з іх рэалізавана элітвытворчымі арганізацыям 777,2 тоны (152 %). Элітвытворчымі арганізацыямі рэспублікі падрыхтавана кандыцыйнага насення эліты яравых збожжавых і зернебабовых сельскагаспадарчых культур у аб'ёме 34 369 тон (123 % да неабходнага аб’ёму), з іх рэалізавана айчынным вытворцам каля 21 067 тон (76 %).

У жывёлагадоўлі адзначаецца прырост вытворчасці (вырошчвання) да 2015 года свіней на 2,9 %, птушкі – на 2,4%. Вытворчасць (вырошчванне) буйной рагатай жывёлы зніжана на 1,0 %. Пры гэтым мэтавы паказчык «Індэкс вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў гаспадарках усіх катэгорый» склаў 101,2  % пры заданні 102,5 %.

У выніку рэалізацыі падпраграмы «Структурныя пераўтварэнні ў аграпрамысловым комплексе» ў 2016 годзе мэтавы паказчык па рэнтабельнасці продажаў у сельскай гаспадарцы склаў 3,2 % (заданне – 5,8 %). У другой палове 2016 г. выдадзены шэраг нарматыўных прававых актаў, накіраваных на стабілізацыю фінансавага становішча арганізацый. Рэалізацыя запланавеных мер працягнецца і ў 2017 годзе.

У адпаведнасці з заключэннем пастаяннай міжведамаснай камісіі па дзяржаўных праграмах атрымана высокая ацэнка эфектыўнасці рэалізацыі ў 2016 годзе Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016 – 2020 гады.