Галоўная / Навiны

Андрэй Картун: эканамічная бяспека - гэта, у першую чаргу, моцная і стабільная эканоміка

21/03

Аб гэтым заявіў Першы намеснік Міністра эканомікі Андрэй Картун на перадачы «Экономическая среда» тэлеканала «Беларусь-1».

Як адзначыў Андрэй Картун, гаворачы аб эканамічнай бяспецы, як правіла, маюць на ўвазе магчымасць эканомікі рэагаваць на знешнія і ўнутраныя пагрозы, рызыкі і выклікі.

«Асноўны прынцып – усе эканамічныя працэсы і галіны павінны быць збалансаваны. Калі нейкая адна «выпадае», то гэта негатыўна ўплывае на іншыя сферы.

  Класічныя індыкатары «здароўя эканомікі» ў сусветнай практыцы для ўсіх аднолькавыя: доля бюджэту ў ВУП, суадносіны дзярждоўгу да ВУП, узровень інфляцыі. Ужываецца шырокі набор індыкатараў для таго, каб бачыць агульны стан эканомікі.

  Пры гэтым важна разумець, што стаіць за станоўчым індыкатарам, ці мае месца кан'юнктурны фактар, без якога сітуацыя будзе горшая. Гэта варта ўлічваць і своечасова прымаць неабходныя меры: па «прынцыпе святлафора». Гэта значыць, індыкатар у жоўтай зоне – ужо пачынаем рэагаваць», – растлумачыў Першы намеснік міністра эканомікі.

Адказваючы на пытанне аб інструментах забеспячэння эканамічнай бяспекі, Андрэй Картун расказаў аб падыходах да планавання, якія змяніліся.

«У 2022-м годзе эканамічнаму блоку прыйшлося перабудоўваць сваю працу – прымаць рашэнні «тут і цяпер». Пры Урадзе быў створаны аператыўна-сітуацыйны штаб, дзе ў рэжыме «24 на 7» мы сумесна знаходзілі развязкі праблемных пытанняў галін і прадпрыемстваў. Для нашай сістэмы кіравання гэта быў унікальны досвед.

Пры фарміраванні гадавых прагнозаў быў узяты на ўзбраенне мабілізацыйны прынцып: ацэньваем свае магчымасці, рэсурсы, кампетэнцыі, вызначаем, чаго не хапае і што трэба аператыўна асвоіць і развіць, каб супрацьстаяць існуючым пагрозам.

З гэтай мэтай мы трэці год запар распрацоўваем Мэтавы план, у якім задаём арыенціры развіцця эканомікі. Напрыклад, у 2023-м стаяла задача выйсці на тэмп росту ВУП 103,8 працэнта, узроўню рэальных даходаў насельніцтва – 104,1 працэнта і гэтак далей. Далей сумесна з зацікаўленымі ведамствамі складаем свайго роду задачнік, выкананне якога і прывядзе да дасягнення пастаўленай мэты. Гэты падыход даказаў сваю эфектыўнасць. Мы маем намер яго прымяняць і ў сярэднетэрміновай перспектыве, пры фарміраванні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступнае пяцігоддзе», – адзначыў Першы намеснік кіраўніка Міністэрства. 
Тэгі