Галоўная / Навiны

Андрэй Картун: у эканоміцы пераважаюць станоўчыя тэндэнцыі

19/09

Аб гэтым заявіў сёння намеснік Міністра эканомікі Андрэй Картун, каменціруючы журналістам вынікі работы эканомікі за 8 месяцаў бягучага года. Як раней паведамляў Нацыянальны статыстычны камітэт, тэмп росту ВУП у студзені-жніўні склаў 103,1%.

Па словах Андрэя Картуна, у зоне росту знаходзіцца больш за 80% галін.

«Галоўныя драйверы паскарэння ВУП – прамысловасць, будаўніцтва і гандаль.

У прамысловай вытворчасці – тэмпы росту паскорыліся да 107,9%. Асноўны дадатак атрымана ў машына- і прыборабудаванні, нафтаперапрацоўцы і хімічнай галіне. Высокая дынаміка назіраецца таксама ў металургіі, вытворчасці бытавой тэхнікі, харчовай і лёгкай прамысловасці.

Важна, што прадукцыя вырабляецца не на склады, а на прылаўкі: узровень запасаў знізіўся на 3,5 п.п.

У будаўніцтве тэмп росту ў 104,5 працэнта забяспечаны за кошт будаўніча-мантажных і падрадных работ, узвядзення жылля, а таксама рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Інвестыцыі ў асноўны капітал за 8 месяцаў павялічыліся на 10,4 працэнта. Пры гэтым растуць выдаткі прадпрыемстваў на набыццё машын, абсталявання. Рост інвестыцыйнага імпарту ў кароткатэрміновай перспектыве аказвае стрымальны ўплыў на сальда знешняга гандлю, але дае магчымасць сфарміраваць трывалую аснову для ўстойлівага эканамічнага росту.

У той жа час неспрыяльную цэнавую кан'юнктуру на знешніх рынках удаецца кампенсаваць ростам фізічных аб'ёмаў паставак. За 7 месяцаў экспарт тавараў і паслуг вырас на 6,4%, ушчыльную наблізіўшыся да адзнакі ў 27 млрд долараў – гэта максімальнае значэнне з 2012 года.

Станоўчая дынаміка назіраецца ў транспартнай сферы. Пасажыраабарот устойліва ў «зялёнай зоне», прырастаем і па аб'ёмах грузавых перавозак: іх адставанне ад дасанкцыйнага ўзроўню скарачаецца з кожным месяцам. У IT-галіне таксама пачалося аднаўленне», – адзначыў намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства.

Як падкрэсліў Андрэй Картун, значную падтрымку эканоміцы аказвае ўнутраны попыт.

«Аб росце спажывецкай актыўнасці сведчаць паказчыкі гандлю: рознічны тавараабарот па выніках 8 месяцаў дадаў 6%, аптовы – 9%. Фактарам аднаўлення спажывецкага попыту стаў рост даходаў насельніцтва ў рэальным выражэнні на 4,5%. Пры гэтым заробкі выраслі на 8,4%, а працоўныя пенсіі – больш чым на 15%.

На рост даходаў паўплываў і рэкордна нізкі ўзровень інфляцыі – 2, 3% у гадавым выражэнні.

У жніўні была зафіксаваная дэфляцыя: кошты знізіліся на 0,3%. Гэтаму садзейнічала патанненне кошту садавінагароднінай прадукцыі, а таксама асобных імпартуемых тавараў. І ёсць усе падставы меркаваць, што па выніках года ўзровень інфляцыі апынецца ніжэйшым за прагнознае значэнне.

Такім чынам, у эканоміцы пераважаюць станоўчыя тэндэнцыі. Захоўваецца макраэканамічная стабільнасць і збалансаванасць», - рэзюмаваў намеснік кіраўніка Міністэрства. 
Тэгі