Міністр эканомікі Юрый Чабатар сёння правёў сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Падзея прымеркавана да 105 гадовага юбілею эканамічных органаў краіны.
Такія сустрэчы ўжо становяцца добрай традыцыяй, бо сувязь паміж Мінэканомікі і БДЭУ глыбокая і арганічная: амаль трэць супрацоўнікаў Міністэрства – выпускнікі ўніверсітэта, а пасаду рэктара ў свой час займалі два намеснікі старшыні Дзяржплана БССР і Міністр эканомікі Уладзімір Шымаў.
У размове з аўдыторыяй Юрый Чабатар нагадаў пра тое, як эканамісты розных пакаленняў дапамагалі краіне пераадольваць складанасці – ад пасляваеннага аднаўлення да адаптацыі ў новых эканамічных рэаліях. Міністр расказаў аб прыярытэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця бягучага пяцігоддзя, удзельнічаць у дасягненні якіх трэба будзе і маладым эканамістам.
«Стратэгічныя арыенціры выразна пазначаны ў ключавых дакументах – НСУР–2040, Праграме-2030. Цяпер галоўнае – увасобіць гэтыя планы ў жыццё. І тут важную ролю павінна адыграць маладое пакаленне эканамістаў: ваша крэатыўнасць, гатоўнасць прапаноўваць нестандартныя рашэнні, працавітасць стануць рухаючай сілай для далейшага росту», – адзначыў Юрый Чабатар.
Атрымалася жывая размова аб прафесіі і задачах развіцця эканомікі: студэнты актыўна задавалі пытанні, дзяліліся сваім бачаннем, а Міністр прывёў прыклады з уласнай практыкі.
У завяршэнне сустрэчы кіраўнік Міністэрства падарыў удзельнікам юбілейнае выданне «Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Гісторыя і сучаснасць» Кніга дапаможа будучым спецыялістам лепш даведацца, як развівалася эканамічная сістэма краіны, убачыць сувязь паміж мінулым вопытам і сучаснымі задачамі.