Сёння, 2 сакавіка 2026г., Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый Чабатар сустрэўся з памочнікам генеральнага сакратара ААН, памочнікам адміністратара і дырэктарам Рэгіянальнага бюро па краінах Еўропы і СНД ПРААН спадарыняй Іванай Жыўковіч для абмеркавання стратэгічных напрамкаў супрацоўніцтва ў галіне ўстойлівага развіцця Беларусі і інклюзіўнай эканамічнай трансфармацыі.
Бакі адзначылі шматгадовае выніковае партнёрства ПРААН і Беларусі. З 1992 года ПРААН працуе ў краіне, падтрымліваючы нацыянальныя намаганні ў сферы эканамічнага і сацыяльнага развіцця, рэалізацыі мэт устойлівага развіцця і павышэння якасці жыцця насельніцтва. ПРААН садзейнічала ўмацаванню патэнцыялу дзяржаўнага кіравання, пераадоленню наступстваў аварыі на ЧАЭС і развіццю чарнобыльскіх тэрыторый, рэагаванню на выклікі пандэміі COVID-19, а таксама падтрымцы мясцовага эканамічнага развіцця і прадпрымальніцтва.
Юрый Чабатар выказаў надзею на будучае плённае супрацоўніцтва з ПРААН па шэрагу важнейшых напрамкаў у мэтах садзейнічання ўстойліваму развіццю Рэспублікі Беларусь на нацыянальным і мясцовым узроўнях.
Са свайго боку Івана Жыўковіч падкрэсліла гатоўнасць арганізацыі садзейнічаць Беларусі ў вырашэнні новых задач устойлівага развіцця, адлюстраваных у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года. Такія перспектыўныя напрамкі, як штучны інтэлект, лічбавая трансфармацыя і інавацыі, развіццё «срэбнай» эканомікі, а таксама ўкараненне рашэнняў у галіне зялёнай і цыркулярнай эканомікі знайшлі адлюстраванне ў краінавай праграме ПРААН на 2026-2030 гады і фарміруюць аснову далейшага стратэгічнага супрацоўніцтва.
За апошнія гады Міністэрства эканомікі і ПРААН распрацавалі методыку гендарнага аналізу нарматыўных прававых актаў, абнавілі лічбавую карту інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, рэалізавалі праграмы ментарства для жанчын і прадпрымальнікаў «срэбнага» ўзросту, а таксама садзейнічалі выкарыстанню ESG-стандартаў у прыватным сектары.
Гэтыя вынікі ўнеслі ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021-2025 гады і Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады і ствараюць трывалую аснову для далейшай сумеснай працы па павышэнню канкурэнтаздольнасці, устойлівасці і інклюзіўнасці нацыянальнай эканомікі.