Пра гэта заявіў сёння, 24 верасня 2026 года, міністр эканомікі Юрый Чабатар падчас рабочай паездкі ў Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці.
Кіраўнік Мінэканомікі правёў сустрэчу з працоўным калектывам ТАА «Капікон». Кампанія з'яўляецца найбуйнейшым у краіне вытворцам сухіх малочных сумесяў для маладняку сельскагаспадарчых жывёл.
Падчас прамога дыялогу супрацоўнікі абмеркавалі з Міністрам актуальныя пытанні працы эканомікі і атрымалі тлумачэнні па хвалюючых тэмах. Юрый Чабатар нагадаў, што нядаўна мы адзначылі Дзень народнага адзінства і сутнасць гэтага свята – ва ўсведамленні агульнага лёсу, агульных каштоўнасцяў, адзінства нацыі.
«Мы жывем у дзяржаве, якая стваралася цяжкай працай многіх пакаленняў. Наша задача – працягваць гэтую лінію: умацоўваць эканоміку і захоўваць пераемнасць. І поспех тут складаецца з тысяч штодзённых намаганняў: калі кожны чалавек на сваім месцы працуе на сумленне, краіна становіцца мацнейшай», – падкрэсліў кіраўнік Міністэрства.
У рамках паездкі Міністр азнаёміўся з рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў у рэгіёне і абмеркаваў з кіраўнікамі прадпрыемстваў бягучую сітуацыю і перспектыўныя планы развіцця.
Так, на ААТ «Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат» дзякуючы мадэрнізацыі ўдалося істотна пашырыць асартымент прадукцыі, у тым ліку нарасціць выпуск дзіцячага харчавання; рабатызаваны працэс упакоўкі прадукцыі. ВА «БелКварц» РУП «Вытворчае аб'яднанне» «Беларуснафта» на базе радовішча «Хаціслаўскае Заходняе» стварыла сучасную вытворчасць поўнага цыклу, што дазволіла адмовіцца ад імпарту і забяспечыць сыравінную бяспеку. Прадукцыя прадпрыемства ў 2026 годзе прэтэндуе на Дзяржаўны знак якасці.
Стратэгіі развіцця кампанiй «Бізон» і «Грынспрайс» арыентаваны на пашырэнне лінейкі тавараў і рост продажаў.
«Развіццё краіны вызначаецца тым, наколькі дынамічна растуць рэгіёны. У гэтым ключавую ролю адыгрывае іх інвестыцыйная актыўнасць. Мы працягнем падтрымліваць перспектыўныя праекты, будаўніцтва інфраструктуры і жылля, але і рэгіёнам варта дынамічна працаваць у гэтым кірунку», – адзначыў Юрый Чабатар.