Галоўная / Навiны

Адзіны дзень кансультацый па праектах МТД адбыўся ў Гродна

23/09

22 верасня 2020г. у Гродна на базе абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў адбыўся Адзіны дзень кансультацый для арганізацый, якія прымаюць удзел у праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Кансультацыю правялі начальнік аддзела міжнароднай тэхнічнай дапамогі Міністэрства эканомікі Іван Бельчык і выканаўчы дырэктар Цэнтра міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Дзіна Ганчарова. Падобнае мерапрыемства на тэрыторыі Гродзеншчыны было арганізавана ўпершыню.

Гродзенская вобласць адзіная ў краіне дзякуючы тэрытарыяльнаму размяшчэнню мае магчымасць удзельнічаць адначасова ў двух праграмах міжнародна-тэхнічнай дапамогі. Сёння па выніках трох праведзеных конкурсаў у стадыі рэалізацыі знаходзяцца 76 праектаў. Агульная сума фінансавання складае каля 30 мільёнаў еўра.

Атрымаць слушныя парады і канкрэтную дапамогу экспертаў прыйшлі прадстаўнікі многіх арганізацый. Усе, хто звярнуўся, атрымалі вычарпальныя адказы на свае пытанні.

(Па матэрыялах газеты «Гродзенская праўда»)


Тэгі