Галоўная / Навiны

Алена Балігатава: значны рэзерв умацавання эканомікі Ушацкага раёна – развіццё яго турыстычнага патэнцыялу

17/04

Намеснік міністра эканомікі Алена Балігатава сёння наведала з рабочым візітам Ушацкі раён Віцебскай вобласці.

Намеснік міністра прыняла ўдзел у пасяджэнні райвыканкама, на якім абмеркавалі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў першым квартале 2026 года і перспектыўныя планы.

Алена Балігатава адзначыла інвестыцыйную працу, якая праводзіцца раёнам: ствараюцца і мадэрнізуюцца малочна-таварныя комплексы, цяплічныя гаспадаркі, рэалізуюцца праекты ў сферы дрэваапрацоўкі. Але варта больш актыўна задзейнічаць і іншыя перспектыўныя напрамкі – у прыватнасці, турызм.

«У бягучым пяцігоддзі развіццё турыстычнага патэнцыялу з'яўляецца нацыянальным прыярытэтам. А Ушачы – сэрца Віцебскага Паазер'я з унікальнымі ландшафтамі, маляўнічай прыродай і асаблівай атмасферай, якая прыцягвае падарожнікаў.

Сёння ў рэгіёна ёсць усе інструменты для рыўка ў гэтай сферы: механізмы інвестыцыйнага заканадаўства, новыя інструменты падтрымкі рэгіянальных ініцыятыў, такія як крэдытны прадукт «Турыстычны патэнцыял», якія дапамагаюць хутка запусціць праект. Ключавы момант – аператыўна выкарыстоўваць створаныя дзяржавай магчымасці», – падкрэсліла намеснік міністра эканомікі.

Працоўны дзень Алены Балiгатавай працягнуўся наведваннем санаторыя «Лясныя азёры». Здраўніца абнаўляе інфраструктуру і пашырае нумарны фонд. У бліжэйшых планах – стварэнне спа-комплексу з спалучэннем традыцыйнага лячэння і сучасных рэлаксацыйных працэдур. 

Таксама намеснік міністра эканомікі азнаёмілася з вынікамі рэалізацыі інвестпраекта ў філіяле «Ушацкі» АТ «Віцебскаграпрадукт». Дзякуючы ініцыятыве «Адзін раён–адзін праект» прадпрыемства пашырыла і мадэрнізавала вытворчасць бялкова-вітамінных дабавак, пабудавала новых цэх па перапрацоўцы бялкова-тлушчавай сыравіны. З кіраўніцтвам кампаніі Алена Балігатава абмеркавала бягучую сітуацыю і планы развіцця.