Алеся Абраменка: агульны вынік рэалізацыі Cтратэгіі–2025 – эканамічнае і інстытуцыянальнае ўмацаванне ЕАЭС
Аб гэтым заявіла сёння, 29 мая 2026 года, намеснік міністра эканомікі Беларусі Алеся Абраменка на панэльнай сесіі Еўразійскага эканамічнага форуму «Еўразійская эканамічная інтэграцыя: выклікі і перспектывы».
У сваім выступленні намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства расказала аб выніках рэалізацыі мерапрыемстваў стратэгіі - 2025 і актуальных задачах развіцця.
У цэлым за пяць гадоў зацверджана каля 500 актаў органаў Саюза, падрыхтавана 18 міжнародных пагадненняў, каля 170 аналітычных дакладаў. Дзякуючы інтэнсіўнаму інтэграцыйнаму ўзаемадзеянню, ЕАЭС паказаў станоўчую дынаміку макраэканамічных паказчыкаў.
ВУП дзяржаў-членаў у цэлым за пяцігодку ўзрос больш чым на 16 %. Прырост узаемнага гандлю таварамі – плюс 72%. Абарот знешняга гандлю Саюза з трэцімі краінамі павялічыўся амаль на чвэрць, а доля плацяжоў у нацыянальных валютах ва ўзаемных разліках перавысіла 93 %.
«У сферы прамысловай кааперацыі створаны механізм фінансавай падтрымкі сумесных праектаў, а аб'ём узаемных кааперацыйных паставак паміж дзяржавамі-членамі ўзрос на 29 %. Рэалізавана 43 імпартазамяшчальныя праекты ў рамках Карты індустрыялізацыі ЕАЭС.
Ключавое дасягненне ў галіне АПК – забеспячэнне харчовай бяспекі. У 2024 годзе ўзровень самазабеспячэнне краін пяцёркі дасягнуў 92,4 %. Аб'ёмы ўзаемнага гандлю харчаваннем выраслі ў 1,6 раза.
Яшчэ адзін найважнейшы напрамак – транспарт і лагістыка. Падрыхтаваны пералік прыярытэтных інфраструктурных праектаў у сферы транспарту. Значнае развіццё атрымала адзіная сістэма транзіту тавараў – гэта прастата і шпаркасць працэдур дастаўкі грузаў і зніжэнне накладных выдаткаў бізнесу. З лютага дзейнічае механізм адсочвання з дапамогай навігацыйных пломбаў.
Важным вынікам рэалізацыі стратэгіі стала ўмацаванне міжнароднага пазіцыянавання ЕАЭС. Заключаны пагадненні аб свабодным гандлі і эканамічным партнёрстве з шэрагам краін», – распавяла Алеся Абраменка.
Намеснік міністра эканомікі пазначыла ключавыя напрамкі рэалізацыі Дэкларацыі-2030.
«Наперадзе чакае вялікая праца па рэалізацыі 340 мерапрыемстваў па 62 напрамках у розных галінах. На працягу пяці гадоў плануецца прыняць каля 130 НПА, падрыхтаваць больш за 100 дакладаў, аналітычных матэрыялаў. Таксама неабходна ўнесці змены ў Дагавор аб ЕАЭС і Мытны кодэкс Саюза.
Паглыбленне інтэграцыі запатрабуе ад бакоў большай рашучасці ў прыняцці прынцыповых рашэнняў па шэрагу актуальных пытанняў», - падкрэсліла Алеся Абраменка.

