Алеся Абраменка: Беларусь і Кітай узмацняюць стратэгічнае партнёрства праз міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і інавацыйныя прамысловыя праекты
Пра гэта заявіла сёння, 18 ліпеня 2025 года, намеснік Міністра эканомікі Алеся Абраменка падчас пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з г. Цындаа Кітайскай Народнай Рэспублікі, якое праходзіла пад старшынствам старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарэва і Старшыні Народнай палітычнай кансультатыўнай рады горада Ціндао Мэнь Цінбіна.
Паводле слоў Алесі Абраменка, бакамі надаецца вялікая ўвага міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву, якое разглядаецца як ключавы драйвер узаемадзеяння.
«У 2023 годзе паміж Мінэканомікі Беларусі і Міністэрствам камерцыі Кітая было падпісана Пагадненне аб паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з найбуйнейшымі гарадамі Кітая, у прыватнасці з Цындаа.
Беларусь і Цындаа маюць значны патэнцыял для супрацоўніцтва ў сферы паслуг, асабліва ў лагістыцы, лічбавых тэхналогіях, турызме і адукацыі. У гэтым годзе мы чакаем увядзення ў дзеянне Пагаднення аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый паміж нашымі краінамі, поўнамаштабная рэалізацыя якога забяспечыць рост узаемнага тавараабароту і інвестыцый», – падкрэсліла Алеся Абраменка.
Намеснік Міністра таксама адзначыла добрыя тэмпы росту двухбаковага гандлю: за 10 гадоў – больш чым удвая.
«Кітай на працягу пяці гадоў застаецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі, а Беларусь уваходзіць у дзесятку найбуйнейшых пастаўшчыкоў у Кітай угнаенняў, мясна-малочнай прадукцыі, рапсавага масла. Патэнцыял узаемнага гандлю – каласальны. Мы актывізуем прасоўванне нашых тавараў на кітайскіх платформах e-commerce і зацікаўлены ў імпарце высокатэхналагічных прадуктаў з Кітая – ад электронікі да тэхналагічнага абсталявання», – падкрэсліла яна.
Намеснік Міністра адзначыла, что стратэгічным сумесным праектам з’яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».
«Парк прызнаны адной з самых хуткарослых эканамічных зон свету. Тут створана інжынерная і транспартная інфраструктура, устаноўлены эксклюзіўныя льготныя ўмовы для рэалізацыі інвестпраектаў. Мы прапануем кампаніям з Цындаа размясціць тут свае высокатэхналагічныя вытворчасці», – сказала Алеся Абраменка.
Паводле меркавання Алесі Абраменка, асаблівую ўвагу варта надаць развіццю навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.
«У Беларусі і Цындаа створаны ўсе ўмовы і магчымасці для стварэння сумесных лабараторый і ажыццяўлення НІОКР па развіцці галін новых матэрыялаў, аптычнай, механічнай і электратэхнікі, біятэхналогій. Мы гатовы разам працаваць над павелічэннем тавараабароту, рэалізацыяй прарыўных праектаў і ўмацаваннем кантактаў у розных сферах», – рэзюмавала замміністра.
У мерапрыемстве, арганізаваным ДУ «Адміністрацыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» з г. Цындаа, таксама прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Аляксандр Чарвякоў, кіраўнікі і эксперты галіновых міністэрстваў і ведамстваў, РУП «Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн», ДУ «Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі», каля 100 кітайскіх і беларускіх прадпрыемстваў.
Даведачна: Цындаа — важны эканамічны цэнтр і партовы горад на ўсходнім узбярэжжы Кітая, міжнародны гандлёвы порт і марскі транспартны вузел у басейне Жоўтай ракі і на заходнім узбярэжжы Ціхаакіянскага кальца. Мае гандлёвыя адносіны з больш чым 450 партамі ў больш чым 130 краінах і рэгіёнах свету. Прадукцыйнасць порта ўваходзіць у дзесятку лепшых у свеце. У 2018 годзе было падпісана Пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх адносін паміж Аршанскім раёнам Віцебскай вобласці і г. Цындаа. У 2024 годзе падпісана Пагадненне аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж г. Мінск і г. Цындаа.

