Галоўная / Навiны

Юрый Тараканаў: праца з прызнанымі экспертамі ў сферы неплацежаздольнасці дае новыя магчымасці для далейшага развіцця заканадаўства

08/10

Пра гэта заявіў сёння, 8 кастрычніка 2025 г., дырэктар Дэпартамента па санацыі і банкруцтву Юрый Тараканаў, выступаючы з дакладам на тэматычнай сесіі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «урэгуляванне неплацежаздольнасці: тэндэнцыі і перспектывы».

У сваім выступе дырэктар Дэпартамента распавёў пра тое, як новыя паўнамоцтвы і кампетэнцыі дзяржорганаў, судоў, сходу (камітэта) крэдытораў, антыкрызісных кіраўнікоў, замацаваныя Законам «Об урегулировании неплатежеспособности», змянілі да лепшага сітуацыю ў сферы папярэджання неплацежаздольнасці.

«Назіраецца станоўчая дынаміка па паказчыках ацэнкі ступені рызыкі наступлення банкруцтва: у 1-м паўгоддзі 2025-га сярод дзяржарганізацый, якія патрабуюць прымянення прэвентыўных мер, зніжана на 1,3% у параўнанні са студзенем-чэрвенем 2024-га.

Вырасла колькасць заключаемых мiравых пагадненняў паміж даўжніком і крэдыторамі: за тры апошнія гады больш чым у тры разы.

Павысілася роля і адказнасць камітэта крэдытораў у прыняцці ключавых рашэнняў, звязаных з правядзеннем ліквідацыі.

Зменена сістэма ўзнагароджання антыкрызісных кіраўнікоў. Цяпер «крызіс-менеджэр» атрымлівае штомесячнае ўзнагароджанне, памер якога прывязаны да сярэднямесячнай зарплаты па прадпрыемству. Гэта істотны элемент іх матывацыі.

Усталяванае Законам права закладнога крэдытора на істотную частку закладной выручкі пасля выплаты сацыяльных плацяжоў дазволіла забяспечыць вяртанне сродкаў фінансавым арганізацыям, а значыць і ў эканоміку краіны», – растлумачыў Юрый Тараканаў.

Дырэктар Дэпартамента таксама падзяліўся меркаваннем аб напрамках далейшага развіцця інстытута ўрэгулявання неплацежаздольнасці.

У іх ліку, пашырэнне кола асоб, якія прадстаўляюць сродкі на «фінансаванне» паслуг у банкруцтве, карэкціроўка алгарытму размеркавання закладной выручкі, рэалізацыя магчымасці продажу санiруемага прадпрыемства («бізнэс на хаду»), змяненне падыходаў да банкруцтва не працуючых фірмаў без маёмасці і іншыя.