Кіраўнікі прампрадпрыемстваў прагназуюць рост попыту на сваю прадукцыю і павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці
Пра гэта сведчаць вынікі кан'юнктурнага апытання, праведзенага НДЭІ Мінэканомікі ў чэрвені бягучага года.
Паводле даследавання, 72% кіраўнікоў паведамляюць аб павышэнні альбо захаванні аб'ёмаў выпуску, 75% рэспандэнтаў адзначаюць рост альбо стабільную дынаміку попыту.
Узровень загрузкі вытворчых магутнасцяў у сярэднім па прамысловасці вырас да 70%. Сярэдні перыяд забяспечанасці замовамі склаў 2,9 месяца.
Большасць удзельнікаў даследавання паказала на захаванне бягучага ўзроўню занятасці: пра рост колькасці работнікаў паведаміла 10% апытаных.
Прагнозная ацэнка інвестыцыйнай актыўнасці застаецца станоўчай. Яе рост у бліжэйшыя тры месяцы плануюць 23% кіраўнікоў, 70% - захаванне бягучага ўзроўню. Сярод ключавых напрамкаў выкарыстання капіталу лідзіруюць абнаўленне (73%) і пашырэнне (36%) вытворчых магутнасцяў. У рэсурсазберажэнне і зніжэнне працоўных выдаткаў інвеставалі 19% і 14% кампаній адпаведна.
У кароткатэрміновай перспектыве больш за палову топ-мэнэджараў мяркуюць, што бягучая дынаміка попыту захаваецца, яшчэ 37% рэспандэнтаў прагназуюць яго рост. Нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці плануюць 43% кіраўнікоў прадпрыемстваў, 17% - павелічэнне колькасці работнікаў.

