Лічбы і факты: кіраўнікі прампрадпрыемстваў чакаюць далейшага росту аб'ёмаў вытворчасці
Пра гэта сведчаць вынікі кан'юнктурнага апытання, праведзенага ў кастрычніку НДЭІ Мінэканомікі.
Паводле даследавання, 70% дырэктараў паведамляюць аб павышэнні альбо захаванні аб'ёмаў выпуску, ¾ рэспандэнтаў адзначылі пазітыўную альбо стабільную дынаміку попыту.
Доля адказаў аб скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі ў кастрычніку вырасла і склала 35%.
Захаваліся на ранейшым узроўні каэфіцыент загрузкі вытворчых магутнасцяў (69%) і сярэдні перыяд забяспечанасці замовамі (3,1 месяца).
Прагнозная ацэнка інвестыцыйнай актыўнасці дадатная. Яе рост у бліжэйшыя тры месяцы плануюць 19% кіраўнікоў, 69% - захаванне бягучага ўзроўню. Сярод ключавых напрамкаў выкарыстання капіталу традыцыйна лідзіруюць абнаўленне (80%) і пашырэнне (36%) вытворчых магутнасцяў. У рэсурсазберажэнне і зніжэнне працоўных выдаткаў інвеставалі 15% прадпрыемстваў.
У кароткатэрміновай перспектыве большасць кіраўнікоў чакаюць некаторага павелічэння попыту і аб'ёмаў вытворчасці, а таксама плануюць захаванне бягучага ўзроўню занятасці.

