Марыя Мажынская: сталіца і абласныя цэнтры служаць лакаматывам для развіцця прылеглых тэрыторый
Пра гэта паведаміла намеснік міністра эканомікі Марыя Мажынская падчас інфастрыму на тэму «Сучасныя падыходы да развіцця рэгіёнаў: ад эканомікі да сацыяльнай інфраструктуры», які праходзіў сёння, 17 сакавіка 2026 г., у Мiнскай гарадской ратушы.
Намеснік міністра эканомікі расказала аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў у мінулым пяцігоддзі. Сярод ключавых: скарачэнне міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі па ўзроўні зарплаты, умацаванне вытворчага патэнцыялу, актыўнае будаўніцтва жылля і сацыяльнай інфраструктуры.
Марыя Мажынская таксама падрабязна спынілася на задачах развіцця рэгіёнаў і сталіцы, прадугледжаных ПСЭР-2030.
«Асноўны ўпор робіцца на павышэнне канкурэнтаздольнасці, у першую чаргу за кошт інавацыйных напрамкаў. У райцэнтрах і невялікіх населеных пунктах плануецца стварэнне новых вытворчасцяў і сучаснай інфраструктуры.
Асаблівая ўвага і гарадам-спадарожнікам. Гаворка ідзе аб выбудоўванні збалансаванай сістэмы, у якой сталіца і абласныя цэнтры будуць гуляць ролю лакаматыва для развіцця прылеглых тэрыторый, а гарады-спадарожнікі –падтрымлiваць горад-цэнтр рабочай сілай», – адзначыла намеснік міністра эканомікі.
Па словах Марыі Мажынскай, вызначаны дадатковыя пункты росту з улікам унікальнасці кожнага рэгіёна.
«Для Мінска: у прамысловасці – стварэнне навукаёмістых, высокатэхналагічных, кампактных вытворчасцяў у сферах машынабудавання, электратранспарту, фармацэўтыкі. У паслужных сектарах – выступаць у ролі цэнтра высокатэхналагічнай і даступнай медыцыны, кузні кваліфікаваных кадраў для эканомікі, флагмана цыфравізацыі ў маштабе ўсёй краіны. І вядома ж развіццё турызму з уцягваннем у гэтую сферу ўсіх складнікаў, асабліва творчых.
Для Мінскай вобласці – фарміраванне і развіццё Мінскага прамысловага пояса. У прыярытэце – інвестыцыйныя праекты на аснове новых тэхналогій, а таксама па выпуску інавацыйных прадуктаў.
Для Брэсцкай і Гомельскай абласцей асноўны акцэнт зроблены на развіцці Прыпяцкага Палесся. Тут плануецца рэалізацыя інвестпраектаў па стварэнні новых і мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцей, у тым ліку з глыбокай перапрацоўкай мясцовых сыравінных рэсурсаў, а таксама ўкараненне лепшых сельскагаспадарчых практык.
У Віцебскай вобласці – раёны Віцебскага Паазер'я, у Гродзенскай – Прынёманскі край. Яны розныя па сваёй спецыялізацыі, але аб'яднаны значным турыстычным патэнцыялам. Таму ў прыярытэце – інвестпраекты па развіцці інфраструктуры турызму, грамадскага харчавання і аказанні спадарожных паслуг. А для раёнаў Прынёманскага краю яшчэ і задзейнічанне патэнцыялу развіцця прамысловага турызму.
Працягнецца развіццё 7 раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Тут захоўваем арыенцір на развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі і фарміраванне камфортнага асяроддзя», – рэзюмавала намеснік міністра эканомікі.

