Галоўная / Навiны

Марыя Мажынская: стымулы для развіцця рэгіёнаў сфарміраваны зыходзячы з іх спецыялізацыі і канкурэнтных пераваг

25/06

Пра гэта распавяла сёння, 25 чэрвеня 2026 г., намеснік міністра эканомікі Марыя Мажынская, выступаючы на XIII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Намеснік міністра падзялілася вопытам Беларусі ў галіне рэгіянальнага развіцця.

У сваім дакладзе Марыя Мажынская падкрэсліла, што стымулы для развіцця рэгіёнаў фармуюцца з улікам іх спецыялізацыі і канкурэнтных пераваг.

«У мінулым пяцігоддзі мы мэтанакіравана працавалі над тым, каб павысіць прывабнасць тэрыторый за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. Засяродзіліся на двух ключавых кірунках: развіцці вытворчага патэнцыялу з прымяненнем кропкавых мер падтрымкі і стварэнні камфортнага асяроддзя для жыцця людзей», – адзначыла намеснік міністра.

Марыя Мажынская прывяла вынікі пяцігадовай працы. Паводле яе слоў, у 2021-2025 гадах рэалізоўвалася каля 2300 інвестпраектаў, амаль палова з якіх паспяхова завершана. Гэта дазволіла стварыць звыш 14 тысяч працоўных месцаў. Уведзена ў эксплуатацыю 21, 8 млн кв.метраў жылля, мадэрнізавалася камунальная інфраструктура, павышалася транспартная даступнасць рэгіёнаў.

Намеснік міністра звярнула ўвагу на сацыяльныя вынікі комплекснага развіцця эканомікі: «Намінальная сярэднямесячная зарплата павялічылася ў 2,2 раза, а разрыў у аплаце працы паміж рэгіёнамі прыкметна скараціўся. Усё гэта наўпрост адбіваецца на росце дабрабыту грамадзян».

Гаворачы аб задачах бягучага пяцігоддзя, Марыя Мажынская адзначыла, што стратэгія развіцця стала яшчэ больш адраснай – з улікам патэнцыялу кожнай тэрыторыі.

«У Брэсцкай і Гомельскай абласцях асноўны акцэнт зроблены на развіцці Прыпяцкага Палесся за кошт інвестпраектаў па стварэнні новых і мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцяў па глыбокай перапрацоўцы мясцовай сыравіны.

У Віцебскай вобласці стаўка – на турыстычны патэнцыял Віцебскага Паазер'я, у Гродзенскай вобласці – Прынёманскага краю. У прыярытэце – праекты па развіцці інфраструктуры гасціннасці і адпачынку, грамадскага харчавання.

У Магілёўскай вобласці – на 7 паўднёва-ўсходніх раёнах. Наша задача – забяспечыць развіццё прамысловасці і АПК рэгіёна, адначасова ствараючы камфортнае асяроддзе для жыцця людзей .

Кропка росту Мінскай вобласці-Мінскі прамысловы пояс: там будуць стварацца новыя высокатэхналагічныя вытворчасці.

Для сталіцы асаблівая ўвага – гарадам-спадарожнікам: яны атрымаюць дадатковы імпульс за кошт павелічэння жыллёвага будаўніцтва, развіцця транспартнай даступнасці і сацыяльнай сферы.

Такі падыход дазволіць максімальна эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял кожнай тэрыторыі, забяспечыць збалансаванае развіццё рэгіёнаў і павысіць якасць жыцця грамадзян», – падсумавала Марыя Мажынская.