Галоўная / Навiны

Ірына Скачкова: Указ №155 дазволіў удасканаліць дзейнасць садоўніцкіх таварыстваў

25/03
 

Пра гэта расказала кансультант юрыдычнага ўпраўлення Мінэканомікі Ірына Скачкова ў інтэрв'ю «Сельскай газеце».

Адно з пытанняў, якое традыцыйна з'яўляецца прадметам актыўных дыскусій у дачнікаў, – памер членскіх узносаў у СТ. Як нагадала прадстаўнік Мінэканомікі, раней члены таварыстваў плацілі аднолькава незалежна ад памераў зямельных участкаў.

«Указ №155 «Аб садоўніцкіх таварыствах» дае права агульнаму збору членаў СТ самастойна вызначаць парадак фармавання памераў узносаў. Такая змена, на нашу думку, дазволіць стварыць больш спрыяльны мікраклімат у садоўніцкіх таварыствах, удасканаліць механізм самарэгулявання і самаарганізацыі працы таварыстваў», – адзначыла Ірына Скачкова.

Каменціруючы яшчэ адно важнае новаўвядзенне  - неабходнасць абавязковага афармлення правазасведчвальных дакументаў на зямельны ўчастак, прадстаўнік Міністэрства рэкамендавала зрабіць гэта больш аператыўна.

«Варта адзначыць, што такіх участкаў у краіне не так ужо і шмат. Тыя, хто сапраўды зацікаўлены ў землекарыстанні і шануе сваю маёмасць, як правіла, даўно аформілі свае ўчасткі.

 Праз тры гады мясцовыя ўлады пры выяўленні незарэгістраваных участкаў стануць выпісваць прадпісанні, а ў выпадку іх невыканання будуць забіраць участкі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель», – падкрэсліла Ірына Скачкова.

Адна з найбольш значных навацый дакумента, на думку Ірыны Скачковай, – магчымасць перадачы ў дзяржуласнасць электраэнергетычнай інфраструктуры таварыстваў, што дасць магчымасць стварыць умовы для яе развіцця.

Тэгі