Галоўная / Навiны

Юрый Чабатар: неабходна павышаць канкурэнтаздольнасць рэальнага сектара эканомікі

22/01

Аб гэтым заявіў Міністр эканомікі Юрый Чабатар у інтэрв'ю выніковай перадачы «Главный эфир» тэлеканала «Беларусь-1».

Значны фрагмент гутаркі датычыўся падыходаў да стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці.

У сувязі з гэтым Юрый Чабатар нагадаў, што нядаўна быў прыняты абноўлены Закон «Аб інвестыцыях», асноўныя палажэнні якога ўступяць у сілу ўжо летам.

«Перад Мінэканомікі стаіць задача, каб усе навэлы гэтага дакумента былі падмацаваныя канкрэтнымі праектамі. Напрыклад, мы ўкараняем інструмент бюджэтных трансфертаў. Адпаведна, да моманту ўступлення ў сілу Закона, падбяром некалькі праектаў пры рэалізацыі якіх будзе выкарыстаны гэты інструмент. Такім чынам, Закон адразу пачне працаваць.

  У 2023 годзе мы ставілі высокую планку па росце інвестыцый – па факце выраслі амаль на 15%. Гэта будаўніцтва жылля, інфраструктуры і рэалізацыя камерцыйных праектаў. Рост інвестыцый у машыны і абсталяванне склаў больш за 30%. Значыць, нашы прадпрыемствы актыўна заняліся сваёй мадэрнізацыяй і абнаўленнем, што ў далейшым павысіць канкурэнтаздольнасць рэальнага сектара.

Добра падхоплена ініцыятыва «Адзін рэгіён - адзін праект»: пачыналі са 120 праектаў, год завяршылі са 156, у 2024-м іх ужо 190. Гэта значыць у асобных раёнах рэалізуецца ўжо па некалькі праектаў.

Таксама рэалізуюцца каля 80 імпартазамяшчальных праектаў, і інтэграцыйныя - разам з Расійскай Федэрацыяй. Гэты пул – аснова, якая, мы ўпэўнены, забяспечыць рост і ў гэтым годзе», – адзначыў Міністр эканомікі.

Адказваючы на пытанне аб дыверсіфікацыі знешняга гандлю, Юрый Чабатар падкрэсліў, што з адыходам з Расіі заходніх кампаній нішы адкрыліся не толькі для нас, але і для ўсіх дружалюбных дзяржаў. Значыць, Беларусь працуе на гэтым рынку ва ўмовах яшчэ большай канкурэнцыі, чым раней. Тым не менш нам удалося істотна нарасціць экспарт у Расію: другі год запар забяспечана дадатнае сальда.

«Беларускія вытворцы ўмацоўваюць свае пазіцыі і па іншых кірунках. Напрыклад, экспарт на рынак Азіі вырас у 1,4 раза, пастаўкі харчавання на кітайскі рынак за тры гады патроіліся, продажы ў краіны Лацінскай Амерыкі ўзраслі больш як у два разы. Актыўна асвойваецца, новы для Беларусі, Афрыканскі рэгіён. Тут мы вызначылі базавыя краіны, з якіх будзем стартаваць, і надалей пастаўляць з іх сваю прадукцыю ў іншыя дзяржавы. Адпаведныя задачы на бягучы год вызначаны ў мэтавым плане», – сказаў на заканчэнне кіраўнік эканамічнага ведамства. 
Тэгі