Галоўная / Навiны

Мінэканомікі падведзены вынікі анкетавання рэзідэнтаў СЭЗ

09/01
 

З 16 кастрычніка па 1 снежня 2023 г. Мінэканомікі праводзілася апытанне рэзідэнтаў СЭЗ Рэспублікі Беларусь для ацэнкі ўмоў іх дзейнасці, выяўлення праблемных пытанняў і магчымых напрамкаў удасканалення прававога рэжыму СЭЗ.

У апытанні прынялі ўдзел 137 прадпрыемстваў. Сярод найбольш актыўных рэспандэнтаў – рэзідэнты СЭЗ «Гомель-Ратон», «Брэст» і «Віцебск"» Асноўныя сферы дзейнасці рэспандэнтаў: вытворчасць машын і абсталявання, вытворчасць вырабаў з дрэва і паперы і вытворчасць металічных вырабаў.

Вынікі анкетавання сведчаць аб агульнай задаволенасці ўмовамі прававога рэжыму СЭЗ: 90 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць дастатковым існуючы аб'ём ільгот і прэферэнцый.

У пераважнай большасці апытаных няма праблемных пытанняў у сферах зямельных адносін (99 працэнтаў рэспандэнтаў), прыродаахоўнай (96 працэнтаў) і будаўнічай дзейнасці (91 працэнт), падаткаабкладанні (89 працэнтаў) і мытна-тарыфным рэгуляванні (86 працэнтаў).

Адзначана высокая эфектыўнасць узаемадзеяння з адміністрацыямі СЭЗ (99 працэнтаў апытаных) і мясцовымі органамі ўлады (95 працэнтаў).

Разам з тым, паводле звестак апытання, ключавымі бар'ерамі вядзення дзейнасці рэзідэнтаў з'яўляюцца:

  • ускладненне лагістычных ланцужкоў, у тым ліку праблемы з забяспечанасцю транспартам (у асаблівасці чыгуначным), павелічэнне тэрмінаў дастаўкі і павышэнне кошту грузаперавозак;
  • складанасці з выхадам на замежныя рынкі (перш за ўсё, краіны Еўрасаюза);
  • недахоп кадраў па працоўных спецыяльнасцях. Сярод уразлівых відаў дзейнасці – «вытворчасць тэкстыльных вырабаў», «вытворчасць машын і абсталявання».

Рэзідэнтамі таксама дадзены прапановы па пашырэнні кампетэнцый адміністрацый СЭЗ па такіх напрамках, як удзел у наборы кадраў для прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, садзейнічанне ў прасоўванні прадукцыі на замежныя рынкі і інш.

Абазначаныя пытанні і ініцыятывы прадпрыемстваў будуць адпрацаваны Мінэканомікі з органамі-рэгулятарамі.

Тэгі