Галоўная / Навiны

Таццяна Бранцэвіч: стратэгічная задача рэгіянальнага развіцця - высокая якасць жыцця людзей у любым пункце краіны

27/06
 Аб гэтым заявіла сёння, 27 чэрвеня 2024 г., намеснік Міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч на пленарным пасяджэнні секцыі № 2 «Развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва як важнейшы напрамак забеспячэння паступальнага развіцця Саюзнай дзяржавы» XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства ў сваім дакладзе нагадала, што «моцныя рэгіёны» – гэта адзін з ключавых прыярытэтаў Праграмы пяцігодкі. Ён прадугледжвае дыферэнцыраваны падыход да развіцця тэрыторый у залежнасці ад іх спецыялізацыі і кампетэнцый.

«У сталіцы і абласных цэнтрах сканцэнтраваны дастаткова магутны адміністрацыйны рэсурс, прамысловы і кадравы патэнцыял, які можна ўжо «тут і зараз» выкарыстоўваць у інтарэсах развіцця краіны.

Альтэрнатыўныя кропкі росту – гарады 80 тыс. «плюс». У гэтых рэгіёнах ёсць знакавыя прадпрыемствы, неабходная інфраструктура для нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці, зямельныя ўчасткі свабодных эканамічных зон і Індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Там працягваецца актыўная інвестыцыйная дзейнасць: толькі ў першым квартале ў СЭЗ і Вялікім камні быў зарэгістраваны 21 новы рэзідэнт.

Для астатніх раёнаў, асабліва аграрных, галоўная задача – скараціць разрыў па ўзроўні і якасці жыцця за кошт павелічэння занятасці і даходаў насельніцтва.

З гэтай мэтай з 2023 года рэалізуем ініцыятыву «1 раён–1 праект». Пачыналі са 129 бізнес-ідэй, у 2024-м іх стала 208. Гэта значыць, некаторыя рэгіёны ўжо маюць намер рэалізаваць два і больш праекты.

Новы імпульс гэтаму працэсу павінен надаць абноўлены Закон «Аб інвестыцыях», які ўжо ў ліпені ўступае ў сілу. У ім прапануюцца дзейсныя механізмы стымулявання вытворчых ініцыятыў – ад «стабілізацыйнай агаворкі» і вызвалення ад падатку на прыбытак на 5 гадоў да бюджэтных трансфертаў.

Усё гэта адкрывае нашым людзям новыя магчымасці мець дастойны заробак у сябе, на малой радзіме.

А для бюджэту – гэта дадатковая крыніца сродкаў на добраўпарадкаванне, будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры, стварэнне камфортных умоў для жыцця», – адзначыла Таццяна Бранцэвіч.
Тэгі