Галоўная / Навiны

Уладзімір Навумовіч: драйверам росту эканомікі Лепельскага раёна ў 2024-м павінна стаць прамысловасць

29/02

Аб гэтым заявіў намеснік Міністра эканомікі падчас рабочай паездкі ў Лепельскі раён.

Уладзімір Навумовіч наведаў вытворчыя пляцоўкі ТАА «Адзіная Гандлёвая Сістэма – Сінтэз» і сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.

Падчас сустрэчы абмеркавалі вынікі электаральнай кампаніі, адзначыўшы высокую актыўнасць беларусаў, правядзенне выбараў у строгай адпаведнасці з заканадаўствам краіны, адсутнасць парушэння выбарчых правоў грамадзян. Таксама ўзнімаліся пытанні развіцця вытворчасці, якасці сацыяльнай інфраструктуры і аказання паслуг насельніцтву.

Рабочы дзень намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства прадоўжыўся наведваннем валаўтваральных прадпрыемстваў раёна – Лепельскага малочнакансервавага камбіната і рамонтна-механічнага завода. Уладзімір Навумовіч азнаёміўся з вытворчым працэсам, асартыментам выпускаемай прадукцыі, абмеркаваў з кіраўніцтвам перспектыўныя напрамкі развіцця прадпрыемстваў.

На думку намесніка Міністра эканомікі, у рэгіёне шмат зроблена для павышэння якасці жыцця і дабрабыту людзей. Але ёсць яшчэ дастатковыя рэзервы, якія трэба задзейнічаць.

«Лепельскі рэгіён мае вялікі патэнцыял для павелічэння аб'ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і высакаякасных, натуральных прадуктаў харчавання. Ад інвестыцый у гэту сферу можна атрымаць добры эканамічны эфект.

Перспектыўнымі напрамкамі з'яўляюцца вытворчасць будматэрыялаў і дрэваапрацоўка. Неабходна больш актыўна займацца мадэрнізацыяй дзеючых вытворчасцей і ствараць новыя, асвойваць выпуск запатрабаванай на ўнутраным і знешніх рынках прадукцыі. У гэтым сёння залог паспяховай працы эканомікі», – падкрэсліў Уладзімір Навумовіч. 
Тэгі