Дзяржаўна-прыватнае партнёрства

Дзяржава робіць стаўку на такі механізм, як дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Дадзеная форма ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і бізнэсам дазваляе пераадолець эканамічную супярэчнасць, калі стратэгічна важныя аб'екты не могуць быць перададзены ў прыватную ўласнасць, але дзяржаўны бюджэт не ў стане забяспечыць іх фінансаванне ў належным аб'ёме.

Аб'ектамі прымянення дзяржаўна-прыватнага партнёрства будуць транспарт і транспартная інфраструктура, сістэмы камунальнай гаспадаркі, энергазабеспячэнне, аб'екты аховы здароўя, адукацыі, выхавання, культуры і сацыяльнага абслугоўвання, аб'екты турызму, рэкрэацыі і спорту, радовішчы карысных выкапняў і іншыя.

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства можа рэалізоўвацца ў такіх формах, як рэканструкцыя - эксплуатацыя - перадача, будаўніцтва - валоданне - кіраванне, праектаванне - будаўніцтва - валоданне - кіраванне - перадача, канцэсія і іншых. Пры гэтым да прыняцця спецыяльных актаў заканадаўства па гэтым пытанні, рэалізацыя праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства можа ажыццяўляцца шляхам заключэння інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь (у выпадках канцэсій - канцэсійных дагавораў).